МАРСКІ́Я ЯЗЫКІ (Soleoidea),

падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.

Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Марскі язык.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)